Падзяліцца:
«Розгалас. Make America young again! Альбо Politburo 2.0.» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.10.2020
«Розгалас. Make America young again! Альбо Politburo 2.0.» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

«В бой идут одни старики». Цудоўны савецкі фільм, але сёння размова будзе зусім не пра яго. Менавіта гэтую фразу часцей за ўсё выбіраюць калегі-журналісты ў якасці загалоўкаў, калі пішуць пра цяперашнія амерыканскія выбары. Вось яшчэ цудоўны варыянт: «Белы дом састарэлых».

Размова пра ўнікальную сітуацыю, з якой сутыкнуліся ЗША – амаль поўная адсутнасць новых твараў сярод прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду ў краіне. Ды што там новых, давайце казаць больш дакладна – маладых твараў на палітычным Алімпе амаль няма.

Дзеючы прэзідэнт Дональд Трамп сярод гэтага істэблішменту яшчэ самы бадзёры – яму «усяго» 74 гады. Але ж вось захварэў на каронавірус, і ва ўсім свеце сочаць за навінамі пра яго здароўе. Бо разумеюць: паважаны ўзрост у выпадку з COVID-19 дадае праблем. А праблемы прэзідэнта ЗША – праблемы глабальныя, лішні раз кашлянуў, і можаш выклікаць ваганні на фінансавых рынках, рэальнасць такая.

Калі ж пераможа асноўны апанент Трампа, дэмакрат Джо Байдэн, то ён заступіць на пасаду ў 78 гадоў. Такога ў гісторыі Амерыкі пакуль не было. З лёгкай рукі Трампа Байдэна называюць «сонны Джо». А ён толькі і дае ўсё новыя падставы для жартаў падчас з'яўлення на публіцы! То пераблытае сваю жонку з сястрой, то забудзе, што ідзе ў прэзідэнты, і назаве сябе прэтэндэнтам у сенатары, то памыліцца са штатам, у якім выступае (гэта, як у нашых рэаліях сказаць «Ну здравствуй, Слуцк» жыхарам Ліды). І гэта яшчэ ўдалыя сітуацыі, таму што можна пажартаваць. У няўдалых нават яго саюзнікі задумваюцца – а ці можна даверыць такому чалавеку кіраванне адной з самых буйных дзяржаў свету?

Але ж калі б праблема была толькі ў двух асноўных прэтэндэнтах на пасаду… Глядзіце самі. Сёлетнімі ключавымі фігурамі на праймерыз ад дэмакратаў былі (акрамя Байдэна) Майкл Блумберг і Берні Сандэрс. На траіх ім больш за 200 гадоў – амаль столькі ж, колькі і самім Злучаным Штатам Амерыкі як дзяржаўнаму ўтварэнню. Той жа Сандэрс (яму нядаўна споўнілася 79) раней перанёс інфаркт падчас аднаго з агітацыйных мітынгаў.

Хтосьці скажа: навошта зацыклівацца толькі на фігуры прэзідэнта, ёсць жа ў амерыканскай палітычнай сістэме і іншыя важныя ігракі. Так, ёсць. Вось некалькі з іх для прыкладу. Нэнсі Пялосі – трэці чалавек ва ўладнай іерархіі, спікер ніжняй палаты парламента ЗША (дарэчы, займае гэтую пасаду ўжо 13 гадоў). Ёй 80 гадоў. Калі нядаўна кангрэсмены вырашылі ўстаць на калені ў знак салідарнасці з цёмнаскурымі пратэстуючымі, Пялосі пасля не змагла падняцца самастойна. Дарэчы, цяперашні часовы спікер верхняй палаты – Сената – яшчэ старэйшы, Чарльзу Граслі 87 гадоў. Кангрэсмены старэюць разам са сваімі спікерамі. Выданне Wall Street Journal падлічыла: раней іх сярэдні ўзрост складаў 55 гадоў, цяпер – 59. Не дзіўна, што амерыканская прэса рэгулярна ўжывае на адрас сваіх кіраўнікоў тэрмін «герантакратыя».

Самы час асобным скептыкам заўважыць: ну давайце, раскажыце яшчэ, што ў іх там неграў б'юць, як казалі ў часы СССР. Афраамерыканцаў там сапраўды дагэтуль б'юць і часам забіваюць, але тое асобная вялікая тэма. А пра Савецкі Саюз тэму можна развіць. Бо нават у самой Амерыцы ўжо адкрыта кажуць: гэта ўсё больш нагадвае савецкае Палітбюро часоў Брэжнева-Чарненкі. Прычым савецкія лідары ў сярэднім былі больш маладымі. Дарэчы, большасць з вышэйузгаданых амерыканскіх палітыкаў пачыналі сваю дзейнасць якраз у часы халоднай вайны з СССР. Атрымліваецца, з чым змагаліся, з чаго жартавалі, да таго самі і прыйшлі.

Але менш за ўсё хачу, каб мяне папракнулі ў так званым эйджызме – дыскрымінацыі людзей па ўзросце. Сапраўды ўзрост гэта не галоўнае. І тым больш для палітыка. Якраз для яго паважаны ўзрост часта сінонім мудрасці і ўзважаных рашэнняў – такіх прыкладаў у сусветнай палітыцы хапае. Увогуле, гісторыя кожнай краіны індывідуальная. Бывае такі этап яе развіцця, калі больш патрэбныя маладыя кіраўнікі, а бывае, што лепш даверыцца аўтарытэтным і пажылым.

Справа нават не ў гэтым. У гісторыі з «амерыканскім Палітбюро» усё гучней пытанне: чаму ж вы самі не даяце месца на сцэне свежым перспектыўным палітыкам, але пры гэтым папракаеце кіраўнікоў іншых краін у незмяняльнасці? Той жа сацыяліст Берні Сандэрс ужо якую кампанію запар змагаецца за прэзідэнцкае крэсла, нават інфаркт зарабіў сабе, а дзе іншыя? На гэтых выбарах адзін з дэмакратаў, 38-мігадовы Эрык Суолуэл, прапанаваў Байдэну «перадаць факел» маладым. І… хутка выбыў з гонкі. Магчыма, частка амерыканцаў вельмі хацела б прагаласаваць за маладую дэмакратку або рэспубліканку – але ж такіх варыянтаў у бюлетэнях для іх няма.

Або ўсёж-такі папулярнасць і аўтарытэт палітыка важнейшыя за малады ўзрост і свежы твар? Калі так, то чаму гэтае правіла не можа працаваць у іншых дзяржавах? Чаму яно павінна быць выключэннем толькі для ЗША?

Зрэшты, перш чым казаць пра аўтарытэт, давайце паглядзім на вынікі работы пажылых амерыканскіх палітыкаў вачыма амерыканскіх жа экспертаў. Вось цытата з нядаўняга артыкула ў часопісе Foreign Affairs. «Вынікі ўнутранай палітыкі наўрад ці могуць зрабіць Злучаныя Штаты эталонам эфектыўнага кіравання. Амерыка займае 27-е месца ў рэйтынгу краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця па паказчыках сацыяльнай справядлівасці. Узровень эканамічнай роўнасці ў Штатах зніжаўся апошнія 40 гадоў, а ўзровень так званых «смерцяў адчаю» імкліва расце. Сістэмны расізм псуе рэпутацыю Амерыкі як заступніцы дэмакратыі, справядлівасці і дыктатуры закона... Ніводная краіна не змагла бездакорна справіцца з распаўсюджваннем каранавірусу, але ні ў адной іншай краіне, акрамя ЗША, людзі, якія пратэстуюць супраць локдаўна, не ўрываліся ў будынкі заканадаўчых органаў са зброяй у руках».

Так што ў выпадку з амерыканскім істэблішментам, відаць па ўсім, палітычная мудрасць не прыходзіць нават з узростам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: