Падзяліцца:
«Розгалас. Навошта нам рэальныя мастакі і музыканты, калі ёсць штучны інтэлект?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.06.2020
«Розгалас. Навошта нам рэальныя мастакі і музыканты, калі ёсць штучны інтэлект?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Апошнім часам знайшоў я сабе новую забаву ў інтэрнэце. Калі так здараецца, што трэба «забіць час», а розныя хайповыя навіны чытаць надакучыла – галава ад іх ужо баліць – пачынаю разглядаць карцінкі, створаныя з дапамогай нейрасетак. Або слухаць музыку, якую «напісаў» штучны інтэлект. Адпаведных рэсурсаў у сеціве з кожным днём усё больш.

Літаральна днямі стала вядома, што адна з самых вядомых і буйных расійскіх інтэрнэт-кампаній дадала свайму лічбаваму памочніку новую функцыю – цяпер ён можа ствараць карцінкі па запыце карыстальніка. Чалавек проста гаворыць: «Намалюй мне дрэва». Або штосьці абстрактнае – каранцін, каханне, шчасце. І атрымлівае на экране адпаведны малюнак. Прычым абяцаюць, што нават на адны і тыя ж запыты карцінкі заўсёды будуць адрознівацца. Іх можна захаваць на свой смартфон або камп'ютар і далей рабіць што заўгодна.

У аснове функцыі – сумесная работа дзвюх нейрасетак. Адной з іх «паказалі» шмат работ рэальных мастакоў мінулага стагоддзя і навучылі ўвогуле ствараць карціны. А другая ўмее супастаўляць сэнс слоў і выяў – яна ў выніку вызначае, што ж дакладна намалявала першая.

Прыклады карцінак можаце паглядзець у інтэрнэце. Канечне, гэта ў асноўным тое, што можна назваць абстракцыяй – дакладны партрэт нейкага чалавека, нават умоўнага, нейрасетка наўрад ці намалюе. Або нацюрморт, зроблены па строгіх правілах жанру. І тым не менш, малюнкі прыцягваюць увагу. Як у тым вядомым выразе – «па-першае, гэта прыгожа».

Падобная гісторыя і з музыкай. Тут увогуле цікавыя рэчы адбываюцца. Напрыклад, пэўны час таму група нямецкіх музыказнаўцаў і праграмістаў стварыла алгарытм, які павінен «дапісаць» 10-ую сімфонію Бетховена. Сам кампазітар пры жыцці паспеў зрабіць толькі накіды да яе, і вось цяпер штучнаму інтэлекту найгралі ўсе творы Бетховена, каб ён завяршыў пачатае. Арганізатары праекта хваляцца: алгарытм пастаянна ўдасканальваецца, і калі спачатку нічым асаблівым не здзівіў, то цяпер яго поспехі ўражваюць. Штучны інтэлект запамінае неверагодную колькасць нот за кароткі прамежак часу. Прэм'еру 10-ай сімфоніі абяцалі прадставіць публіцы ўжо ў гэтым месяцы, якраз сёлета чарговы юбілей Бетховена, – але планы агучвалі яшчэ да пандэміі, так што, магчыма, давядзецца іх карэкціраваць. Але трэнд цікавы.

Ды што там сімфоніі – сёлета стала вядома пра з'яўленне іншага праекта, дзе штучны інтэлект стварае новую музыку з тэкстамі і вакалам! Зноў жа асновай стаў велізарны аб'ём даных – музыкі, створанай рэальнымі людзьмі, практычна ва ўсіх жанрах. З гэтага алгарытм стварае новыя песні, якія, трэба прызнаць, вельмі падобныя да сваіх прататыпаў. Так што больш правільным было б сказаць: гэтая сістэма не выдумляе нешта новае, а прыгожа імітуе канкрэтных спевакоў і музыкантаў. Ды й тое – не ювелірна, у хіт-парады такія песні наўрад ці трапяць, ім пакуль не хапае майстэрства. Але ж таксама улічвайце – гэта толькі першыя крокі. Што будзе далей, калі тэхналогія пачне імкліва развівацца, – можна толькі здагадвацца.

І цалкам зразумела, што мастацтвазнаўцы па ўсім свеце ўжо б'юць трывогу: а гэта што, хутка пачнуць маляваць карціны «пад Рубенса», а ў Моцарта кожны дзень будзе з'яўляцца новая сімфонія? Прычым нават невядомага аўтарства – гэта ж нават не чалавек, а штучны інтэлект стварае. Ёсць і іншыя пытанні без адказаў: што будзе з аўтарскімі правамі? Ці не адбярэ ўсё гэта работу ў рэальных творцаў? І ўвогуле – гэта ўсё мастацтва або так, жарцікі?

З аўтарскім правам пакуль незразумела. Мінулай зімой адбылася незвычайная падзея – два амерыканскія музыканты і праграмісты з дапамогай штучнага інтэлекту ўзялі і стварылі ўсе магчымыя камбінацыі даўжынёй 12 нот у межах адной актавы. Атрымалася ў выніку амаль 69 мільярдаў мелодый! Іх тут жа запісалі на дыск, а пасля апублікавалі ў інтэрнэце ў выглядзе архіву – абсалютна бясплатна. Бяры хто хоча. Разлік быў просты – спыніць хвалю судовых разбіральніцтваў паміж рэальнымі музыкантамі. Там справа часам даходзіць да іскаў на мільёны долараў, а размова ідзе пра тое, што адзін музыка нібыта мог пачуць песню другога і нават неспецыяльна, падсвядома штосьці з яе скапіраваць. Як вырашаць пытанне цяпер, калі песні піша нават не жывы чалавек, а алгарытм, – пакуль не могуць адказаць і аўтарытэтныя юрысты.

Ці не адбяруць работу гэтыя алгарытмы ў рэальных мастакоў і музыкантаў – таксама пакуль сказаць цяжка. У некаторых краінах ужо сёння творцы выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці – напрыклад, ладзяць выставы ўласных работ, створаных разам са штучным інтэлектам. Напэўна, лепш так, чым аб'яўляць тэхналогіям вайну – наўрад ці яна будзе выйграна. Ды яшчэ і грошай калекцыянераў можа не застацца – так, паўтара года таму ўпершыню ў гісторыі аукцыённы дом прадаў карціну, якую «намалявала» нейрасетка, а не чалавек. І не за капейкі прадалі – а больш чым за 400 тысяч долараў!

Што да спрэчак – мастацтва гэта або не… Тут у кожнага спецыяліста будзе свой адказ. Але для звычайных спажыўцоў, я думаю, важна не гэта, а іншыя дзве рэчы. Па-першае, гісторыя, якая стаіць за кожным рэальным мастаком (а часам і за канкрэтным творам). Параўнайце: што такое ўбачыць на ўласныя вочы «Мону Лізу» да Вінчы і нейкі абстрактны твор, створаны за некалькі секунд абстрактным алгарытмам. Усё ж, пагадзіцеся, абсалютна рознае ўспрыманне.

А па-другое, эмоцыі, якія выклікае ў нас пэўная музыка або карціна. Калі вока ці вуха за гэта чапляецца, калі выклікае пачуцці, нават калі проста можна сказаць «О, гэта мне вельмі падабаецца!» – ну што ж, значыць, яно мае права на існаванне. І не важна, створана яно чалавекам або нежывым алгарытмам. Што б там ні казалі аматары традыцыйных падыходаў, сучасны арт ужо немагчыма ўявіць без штучнага інтэлекту.

Крыніца ілюстрацый: https://yadi.sk/d/tDpndHj8YsytCQ

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: