Да новага года застаюцца лічаныя дні. Напэўна, кожны з нас у гэты час – свядома або не – падводзіць вынікі года адыходзячага. І асабістыя вынікі, і тое, чым запомніцца 2020-ты для ўсёй краіны, нават шырэй – для ўсяго свету. Канечне, год быў складаны – адна пандэмія каронавіруса чаго вартая! (Ды яна ж яшчэ далёкая ад завяршэння і дакладна не пакіне нас з апошнім лістком календара). Ведаю, што ў многіх настрой: хутчэй, хутчэй бы ўжо завяршыўся гэты дрэнны год! Але мне здаецца, што якраз-такі 2020-ты павінен быў навучыць нас: не трэба спяшацца. Не спяшацца жыць, не спяшацца рабіць высновы пра людзей і пра падзеі ў нашым жыцці. Карацей, словы аднаго з герояў старога добрага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» можна было б зрабіць дэвізам: «Не спяшайся!»
Памятаеце, вясной, яшчэ падчас першай хвалі новага, невядомага вірусу многія аказаліся замкнёнымі ў сваіх дамах – хто на добраахвотнай, а хто на прымусовай ізаляцыі, на аддаленай працы. Жыццё рэзка запаволіла тэмп, з'явілася шмат вольнага часу, і многія былі вымушаны азірнуцца па баках і задумацца: а як яны жывуць? А з кім яны жывуць? Хто іх сябры? Чым і навошта яны займаюцца? І гэтак далей. Шмат важных пытанняў, на якія звычайна проста няма часу, калі мы спяшаемся з дому на працу, з працы дамоў, а паміж гэтым – па розных неадкладных справах. Аказалася, што многія справы і сустрэчы можна адкласці, і гэта не прыводзіць да вялікай трагедыі. Нават наадварот. Аказалася, пэўныя рэчы мы робім па інерцыі, і трацім на гэта наш каштоўны час. Так што каронавірусу можна сказаць «дзякуй» ужо толькі за гэта – што ўзяў за руку, прымусіў спыніцца і задумацца.
Зрэшты, не ўсіх і не адразу. І гэта яскрава паказала сітуацыя з тым жа «кавідам». Колькі было панікі, рэзкіх рухаў, неабдуманых дзеянняў у першы час пасля з'яўлення новай хваробы. І наколькі займальна зараз, калі мінуў амаль год, чуць ужо зусім іншыя развагі ад розных вядомых людзей: а ці не паспяшаліся мы тады з рэзкімі рашэннямі ў адказ на COVID? А ці можна быць упэўненым, што ніхто не прыклаў руку да з'яўлення або распаўсюджвання вірусу, бо зашмат палітыкі ў такім медыцынскім пытанні? І навошта накруцілі столькі панікі вакол «кароны» – з-за натуральнага страху або свядома? Многім жа гэтая паніка каштавала здароўя – і псіхічнага, і фізічнага. Паўтару, такія развагі ўсё часцей чуваць не ад аматараў канспіралагічных тэорый, а ад вядомых палітыкаў, журналістаў, акцёраў, грамадскіх дзеячаў з розных краін.
Так і хочацца ў іх спытаць: а нічога, што ў Беларусі пра гэта казалі амаль адразу? Псіхоз – гэта ж не пра тое, што вірусу няма. Гэта пра тое, што не трэба спяшацца з высновамі, не трэба раздзімаць паніку, каб не нарабіць памылак, трэба спакойна ўсё абдумаць цвярозым розумам. У пачатку года такі падыход яшчэ не быў мэйнстрымам. І колькі лёсаў у выніку зламалі жорсткімі, неапраўданымі абмежаваннямі? Колькі бізнесаў у свеце забіў татальны лакдаун? Дагэтуль у розных краінах выходзяць на акцыі пратэсту людзі, па якіх балюча ўдарылі вясеннія абмежаванні.
А прыгадайце палітычныя ўзрушэнні лета-2020 у Беларусі. Зноў жа многія спяшаліся жыць і спяшаліся рабіць высновы. Кіраваліся эмоцыямі, а не розумам. Давяралі пэўным асобам, у якіх потым расчароўваліся. І вось мінула колькі месяцаў, і ўсё часцей чуеш, у тым ліку ад знаёмых людзей, куды больш халодныя і разважлівыя ацэнкі. Калі сядзеш і падумаеш, спакойна, без спешкі, жыццё ўжо не здаецца чорна-белым, дзе ўсе людзі дзеляцца выключна на ворагаў і сяброў.
Нядаўна мне трапілася інтэрв'ю амерыканскага псіхолага, прафесара Гарвардскага ўніверсітэта Стывена Пінкера. Ён у сваіх кнігах адстойвае ідэю: нягледзячы ні на што, з года ў год, са стагоддзя ў стагоддзе жыццё чалавецтва становіцца ўсё лепшым і лепшым. Чаму ж многія гэтага не заўважаюць? Пінкер вінаваціць у тым сродкі масавай інфармацыі, на мой погляд, цалкам справядліва.
Медыя звычайна працуюць у дыяпазоне ад аднаго дня да некалькіх хвілін. Звычайна на такой хуткасці ў свеце адбываецца штосьці дрэннае – тэракт, абрушэнне будынка, аварыя і гэтак далей. Штосьці добрае, як правіла, назапашваецца працяглы час. Перш чым стане адчувальным пазітыўны эфект, могуць прайсці гады, гэта складана заўважыць. Таму, на думку амерыканскага псіхолага, добрыя падзеі рэдка становяцца навінамі, хоць менавіта яны здольныя змяняць свет. Напрыклад, відавочна скарачаецца беднасць, менш становіцца войнаў на планеце. Аднак, каб гэта зразумець, трэба вывучаць статыстыку, графікі. Справа не аднаго дня. Калі хтосьці гэтага не зробіць, сапраўдная рэвалюцыя ў той ці іншай сферы можа застацца незаўважнай для большасці людзей.
Пінкер заўважае: размова не пра тое, каб не чытаць дрэнныя навіны. Не, рэальнасць трэба ведаць. Размова пра тое, каб не адгароджвацца ад навін добрых. І тут зноў ёсць праблема: многія журналісты лічаць, што добрыя падзеі – гэта дрэнная журналістыка. Маўляў, добрыя навіны – гэта ўжо рэклама, а журналістыка павінна штосьці выкрываць, расказваць аб праблемах, негатыўных з'явах. Зноў я тут вымушаны пагадзіцца з паважаным псіхолагам – сам бачу вакол такіх журналістаў.
Але ж справа не толькі ў СМІ. Многія людзі самі ахвотна ўжываюць такі негатыў. І, канечне, робяць гэта ў спешцы – бо рытм жыцця такі зараз, імклівы. Часу хапае толькі на загалоўкі, спакойна падумаць і разабрацца няма калі, усё робіцца на хаду. Інфармацыйны фастфуд. І чаго потым здзіўляцца, што стрэсы ў іх, негатыўныя эмоцыі, радасці няма і ўсё такое далей па тэксце.
Каб добрае ўбачыць, каб разабрацца ў чалавеку, каб вырашыць праблему, патрэбны час. Без спешкі. За пяць хвілін, адным вокам такое не робіцца. Таму і кажу: дзякуй каронавірусу, што даў нам гэты час. Паказаў, як можна жыць не спяшаючыся. І бачыць вялікае на адлегласці.