Мінус адзін. Яшчэ адна ахвяра ў вайне з помнікамі. У Нью-Йорку дэмантуюць помнік Тэадору Рузвельту, 26-му прэзідэнту Злучаных Штатаў. Ён кіраваў краінай больш за 100 гадоў таму. «Глупства, не рабіце гэтага!» – заклікае праз Твітар цяперашні лідар Дональд Трамп. Але наўрад ці пачуюць – мэр Нью-Йорка падтрымаў адпаведную прапанову Амерыканскага музея прыродазнаўчай гісторыі. Уласна кажучы, перад уваходам у музей помнік і размешчаны. Бронзавы Рузвельт у акружэнні карэннага жыхара Амерыкі – індзейца – і афрыканца. Здавалася б, у чым праблема? А ў тым, што сам Рузвельт – вярхом на кані, атрымліваецца, ён як бы вышэй за іншых герояў манумента. Адзначаецца, што для многіх помнік стаў сімвалам каланіяльнай спадчыны і расавай дыскрымінацыі.
Менавіта ў Амерыцы пачалася гэтая барацьба з помнікамі, якую мы назіраем апошнія некалькі тыдняў. Спачатку знеслі манументы героям Канфедэрацыі – іх лічылі сімвалам прымірэння Поўначы і Поўдня пасля Грамадзянскай вайны. Пасля дайшлі рукі да Хрыстафора Калумба, які і адкрыў Амерыку (у прамым, не пераносным сэнсе). Адзін з яго манументаў у Бостане дэманстранты пакінулі без галавы. Адпаведнае фота шырока разышлося па інтэрнэце. Шмат розных думак і эмоцый выклікае гэтае відовішча. Мяркуючы па надпісах на іншых помніках Калумбу, для некаторых ён – «сімвал генацыду».
Далей вайна з помнікамі перакінулася на Еўропу. У Францыі вандалы аблілі жоўтай фарбай бюст дэ Голя, палічыўшы яго «прыхільнікам рабства». А ў Лондане штосьці падобнае зрабілі з помнікам Уінстану Чэрчылю, прыпісаўшы «Быў расістам». У адным з брытанскіх гарадоў увогуле запатрабавалі знесці манумент Махатме Гандзі, які, здавалася б, жыццё паклаў якраз на барацьбу з каланізатарамі, прычым брытанскімі. У Швецыі гучаць прапановы прыбраць усе помнікі знакамітаму вучонаму Карлу Лінею, які стварыў адзіную сістэму класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. А тут яшчэ з'явіліся пытанні і да Роберта Коха – нобелеўскага лаўрэата, які адкрыў туберкулёзную палачку. Кажуць, нейкія не вельмі прыгожыя вопыты праводзіў з афрыканцамі, так што, можа, лепш прыбраць яго імя з назвы аднаго з навуковых інстытутаў Германіі?
Адметна, што афіцыйныя ўлады гэтых і іншых краін, здаецца, і выказваюцца на карысць здаровага сэнсу – што не трэба бяздумна зносіць помнікі, – але часта неяк… без аганьку, няўпэўнена. Хіба што толькі французскі лідар Эмануэль Макрон адназначна адмовіўся зносіць статуі, сказаўшы: рэспубліка не сатрэ ніводны след і ніводнае імя са сваёй гісторыі. Ён цалкам разумна прапанаваў французам (прычым любога паходжання) праўдзіва глядзець на гісторыю краіны і не адмаўляць, хто яны такія.
Вядомы польскі пісьменнік Станіслаў Ежы Лец сказаў: «Помнік можа служыць цудоўным сонечным гадзіннікам. А потым, калі яго прыбяруць, стане зразумела, што за час прабіў». Відавочна, апошнія падзеі са зломам манументаў у заходніх краінах сведчаць пра пэўную новую старонку ў іх гісторыі.
Зрэшты, змаганні з помнікамі (а значыць, з гісторыяй) мы можам перыядычна назіраць у розных краінах. То дэманціруюць чарговы помнік савецкаму маршалу ў тым ці іншым еўрапейскім горадзе (які ў свой час той маршал вызваляў ад фашысцкіх захопнікаў). То ва Украіне пачнуць масава зносіць помнікі Леніну. У свой час добра пра гэты працэс сказаў у адным з інтэрв'ю вядомы ўкраінскі медык Яўген Камароўскі. Вуліцу, на якой стаіць яго дом у Харкаве, тады чарговы раз перайменавалі – у рамках так званай «дэкамунізацыі». І вось нічога больш не нагадвала пра камуністычнае мінулае, толькі дарога на гэтай вуліцы так і засталася разбітай, а яміны ў асфальце сталі яшчэ глыбейшымі.
Адметна, што і сам Уладзімір Ленін у свой час, толькі прыйшоўшы да ўлады, пачаў дэманціраваць помнікі ў гонар «цароў і іх слуг». Кажуць, тады ледзь не пацярпеў адзін з сімвалаў Пецярбургу «Медны вершнік». А вось некаторыя іншыя бронзавыя помнікі Пятру І пераплавілі. Зрэшты, мінула крыху больш за 70 гадоў і ўсё паўтарылася.
Затое ў Беларусі нават у пачатку 1990-х не сталі кранаць помнікі Леніну (найперш той, што стаіць на плошчы перад Домам урада ў Мінску). Гісторыкі прыгадваюць, што нават для людзей з антыкамуністычнымі поглядамі гэта здавалася непрымальным – разбураць манумент. Бо любы помнік – гэта частка нашай гісторыі. Якой бы яна ні была, лепш пра яе памятаць, а не спрабаваць выкрасліць, не хаваць сарамліва. Помнікі – гэта ж не толькі памяць пра мінулае, але і напамін пра будучыню.
Таму ў нас і былыя застаюцца, і новыя з'яўляюцца. Тыя, што нагадваюць пра нашу даўнюю гісторыю (як, напрыклад, помнікі Гедыміну ў Лідзе або Альгерду ў Віцебску). Тыя, што адлюстроўваюць падзеі мінулага стагоддзя. Так, літаральна напярэдадні адкрыты мемарыяльныя комплексы ў вёсках Боркі і Ала. Спаленыя разам з жыхарамі вёскі – трагічная старонка з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Важна не забываць пра тыя падзеі і сёння. Бо гэта натуральная ўласцівасць чалавечай памяці – забываць усё з часам. Такія помнікі і ёсць напамінам усім наступным пакаленням: памятайце, каб не паўтарылася. А без памяці, вобразна кажучы, без галавы (як той Калумб у Штатах) будучыня можа аказацца зусім не такой, як нам хацелася б.
