Падзяліцца:
«Розгалас. Пра ўпартасць духу». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.05.2020
«Розгалас. Пра ўпартасць духу». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

У апошнія некалькі дзён, рыхтуючыся і сустракаючы юбілей Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, мы зноў пачулі і прачыталі шмат неверагодна моцных гісторый пра ўдзельнікаў тых падзей. Звычайных людзей (прычым часта – маладых, нават юных), якіх сёння – праз пэўны адрэзак часу – мы без усялякага сумнення называем героямі.

Асабіста мяне такія гісторыі і ўспаміны надзвычай матывуюць. Кожны раз думаеш: як гэта ўвогуле магчыма?! Нават у кіно так не заўсёды бывае – а гэта ж у рэальнасці было. Як звычайны чалавек мог такое рабіць, праз такое прайсці ды яшчэ і жывым заставацца і пра іншых думаць? Ты тут палец парэжаш і ўжо думаеш «Ой, паміраю» – а яны самалёты свае накіроўвалі на варожыя машыны, збівалі іх, невядома як прызямляліся моцна параненыя, выжывалі, а потым яшчэ шмат дзесяцігоддзяў жылі і радаваліся жыццю. Або суткамі, не еўшы, у мароз, з ворагамі змагаліся і ніякая хвароба не брала. І адразу пасля прыходзіць іншая думка: ну калі яны маглі, то што ўжо нам скардзіцца на праблемы, часам у дзясяткі разоў драбнейшыя!

Хтосьці скажа: часы былі іншыя. А людзі што – нейкія іншыя былі? Здаецца, з таго ж цеста, што і зараз. Зрэшты, магчыма, у нечым і адрозніваліся. Больш моцныя духам былі.

І так супала, што якраз у гэтыя дні я выпадкова трапіў на кнігу аўстрыйскага псіхолага, вучонага Віктара Франкла «Сказаць жыццю «Так»!» Дакладней, даўно пра яе чуў, але не даходзілі рукі. Аднак, калі даведаўся, што стаіць за гэтай невялічкай па аб'ёме кнігай…

Гісторыя Віктара Франкла такая. Калі ў 1941-ым годзе нацысты пачалі адлоўліваць яўрэяў і адпраўляць у канцлагеры, у яго (вучонага яўрэйскага паходжання) была цалкам рэальная магчымасць пакінуць Аўстрыю і з'ехаць у Амерыку. Аднак, ён вырашыў застацца з сям'ёй, найперш з састарэлымі бацькамі, таму што ў іх такой магчымасці не было.

Франкл свядома дазволіў схапіць сябе і адправіўся ў нацысцкі лагер разам са сваімі роднымі і яшчэ па адной прычыне: літаральна напярэдадні вайны ён амаль што завяршыў распрацоўку сваёй тэорыі пра сэнс жыцця як галоўнай рухаючай сілы развіцця асобы. Пазней псіхолаг напіша: «У чалавека можна адняць ўсё, акрамя аднаго: апошняй свабоды чалавека – выбіраць уласнае стаўленне да любых абставін, выбіраць уласны шлях». Што і казаць, шлях, які выбраў ён, быў неверагодна жорсткім. Гэта без перабольшвання – з канцлагераў звычайна не вярталіся. А тэарэтычныя выкладкі вучонага за тры гады лагераў прайшлі праверку на жыццяздольнасць у страшных «палявых умовах». Канкрэтна – ва ўмовах канцлагера Аўшвіц.

Віктару Франклу пашчасціла – ён дажыў да таго дня ў 1945-ым годзе, калі яго разам з іншымі вязнямі вызвалілі з лагеру. Дарэчы, амаль ніхто з яго родных, на жаль, не выжыў. Але ці толькі тут была выпадковасць лёсу? Тое, што ён не трапіў ні ў адну з каманд, якія накіроўваліся на смерць. Калегі, даследчыкі работ вучонага заўважаюць: не, прычына не толькі ў гэтым. Ёсць і заканамернасць – Франкл прайшоў праз усе выпрабаванні, захаваўшы «упартасць духу». Менавіта так ён пасля называў здольнасць чалавека не паддавацца, не ламацца пад ўдарамі лёсу.

Праз 9 дзён пасля вызвалення вучоны надыктаваў першы варыянт сваёй манаграфіі, якая сёння вядомая пад назвай «Сказаць жыццю «Так!». Псіхолаг у канцлагеры». Яе галоўная выснова: найбольшыя шанцы выжыць у лагеры аказваліся не ў людзей з моцным фізічным здароўем, а ў людзей моцных духам. Калі вам здаецца, што гэтая «упартасць духу» гучыць неяк тэатральна, занадта пафасна – проста пачытайце кнігу Франкла. Там хапае часам і натуралістычных апісанняў таго, з чым сутыкаліся вязні нацысцкіх канцлагераў, ад якіх мароз па скуры ідзе. Пасля гэтага разумееш: усе высновы псіхолага прапушчаны праз сябе да апошняй літары.

Але зноў жа: мароз па скуры далёка не адзіная эмоцыя падчас прачытання. Ёсць і больш важная: калі яны такое перажылі, не зламаліся, то што нам казаць пра некаторыя нашы сённяшнія «праблемы»!

Дарэчы, Віктар Франкл не толькі не зламаўся. Ён пражыў працяглае жыццё (больш за 90 гадоў), сустракаўся з многімі сусветна вядомымі асобамі, выпусціў яшчэ шмат кніг, заснаваў сваё філасофскае вучэнне і ўласную псіхатэрапеўтычную методыку, заснаваную на ідэі імкнення чалавека да сэнсу жыцця. Менавіта яно дапамагае чалавеку выжыць, а яшчэ – вытрымаць выпрабаванне славай, багаццем і пашанай. Галоўная работа яго жыцця ў адных толькі ЗША пяць разоў прызнавалася «кнігай года», і з часу напісання выйшла тыражом больш за 10 мільёнаў экзэмпляраў.

Сапраўдны поспех? Дарэчы, і пра гэта у Франкла ёсць цікавае выказванне: «Не стаўце сабе мэтай поспех: чым больш вы будзеце імкнуцца да яго, зрабіўшы яго сваёй мэтай, тым дакладней вы яго выпусціце. Поспеху, як і шчасця, нельга дабівацца. Ён прыходзіць потым толькі як незапланаваны вынік адданасці сваёй справе».

Сёння, калі часам гучаць галасы, што свет рушыцца, і ўсё гучней чуваць апакаліптычныя прагнозы, на мой погляд, вельмі карысна вяртацца да такіх вось гісторый. Перачытваць і пераслухваць людзей, упартых духам. Такіх, дарэчы, шмат і сярод нашых суайчыннікаў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: