«Аддаленая работа» – магчыма, гэта стане словазлучэннем 2020 года. Толькі пакуль незразумела, якія эмоцыі яно будзе выклікаць – пазітыўныя або негатыўныя? Усё залежыць ад таго, наколькі працяглымі будуць меры, што прымаюцца зараз многімі краінамі, і якімі будуць іх наступствы для канкрэтных людзей.
Зрэшты, калі сказаць іншымі словамі, то аддаленая занятасць – гэта работа не ў офісе. А значыць, найперш уся гэтая гісторыя пра офісных работнікаў. Ніводная эканоміка ў свеце імі не абмяжоўваецца, шмат людзей працуюць, што называецца, «у полі». Дарэчы, не толькі ў пераносным сэнсе, але і ў прамым! Можна шмат заняткаў, прафесій прывесці ў прыклад, дзе патрэбная асабістая прысутнасць чалавека.
І ўсё ж, многія эксперты лічаць: цяперашняя сітуацыя з пандэміяй і рознымі мерамі абароны ад каронавірусу абавязкова паўплывае на рынак працы ў будучыні. Што ні кажы, а для мільёнаў чалавек па ўсім свеце аддаленая занятасць – ужо рэальнасць. Гэта тое, што ўжо здарылася. І калі працадаўцы заліжуць свае раны ад эканамічных страт (у посткаронавірусным свеце), пасля яны абавязкова сядуць і пачнуць лічыць: а наколькі выгадным было адправіць супрацоўнікаў па-за межы офіса? Калі такі вымушаны эксперымент прызнаюць удалым, зразумела, мала хто пажадае вяртацца да ранейшых правіл гульні – з высокімі выдаткамі на арэндную плату, абслугоўваючы персанал і гэтак далей. Рынак працы можа перафармаціравацца.
У такім разе галоўным, натуральна, стане вынік працы – а не тое, а якой гадзіне чалавек прыйшоў на працу і ці выконвае ён прыняты дрэс-код. Магчыма, па-новаму давядзецца паглядзець на звыклыя паняцці «працоўны дзень» або «працоўны тыдзень». Карацей, працуйце дзе жадаеце і як жадаеце, абы толькі вы паказалі той вынік, якога ад вас чакаюць. Гучыць прывабна? Канечне, у рэальнасці ўсё крыху складаней. І першая праблема, якая прыходзіць у галаву – а ці кожны з нас здольны сам сябе арганізаваць і працаваць дома, там, дзе мы звычайна адпачываем? Ці ўсім хопіць сілы волі?
Рэктар расійскай Вышэйшай школы эканомікі Яраслаў Кузьмінаў бачыць і іншыя магчымыя праблемы. У некаторых краінах востра паўстане пытанне: што рабіць з незапатрабаванымі людзьмі, пры гэтым якасць беспрацоўя зменіцца. Раней лічылася, што калі ты адукаваны, разумны і гатовы працаваць, то работу знойдзеш у любым выпадку. А цяпер можа здарыцца, што ты прайграеш не таму, што дрэнны работнік, а таму – што крыху горшы за іншых такіх жа работнікаў. Проста попыт зменшыцца, і камусьці «не пашанцуе».
Але ведаеце, што? І да пандэміі было зразумела: хутка сусветны рынак працы пачне змяняцца. Напрыклад, яшчэ ў пачатку года кіраўнік расійскага «Сбербанка» Герман Грэф у адным з выступленняў папярэдзіў: усе мы без выключэння павінны авалодаць тэхналогіяй штучнага інтэлекту. Бо з яго развіццём многія простыя спецыяльнасці знікнуць. Якія ж прафесіі будуць запатрабаваны? Інжынер-біямедык, біятэхнолаг, нейраінфарматык, праекціроўшчык медыцынскіх робатаў і іншыя. Раней у Расіі спрагназавалі: праз 10 гадоў з-за развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту і рабатызацыі знікнуць прыкладна 60 традыцыйных прафесій. Праўда, замест іх павінны з'явіцца 180 новых. Але ж, відавочна, на іх трэба будзе перанавучацца. Такога, што аднойчы атрымаў прафесію на ўсё жыццё, відавочна ўжо не будзе.
І тут таксама вялікае пытанне: ці ва ўсіх атрымаецца? На мінулым эканамічным форуме ў Давосе вялікі розгалас атрымала выступленне вядомага гісторыка Юваля Ноя Харары (гэта той самы, чые кнігі ў апошнія некалькі гадоў – на самых бачных месцах у кнігарнях і прадаюцца мільённымі тыражамі). Разважаючы пра тое, як аўтаматызацыя знішчыць мільёны працоўных месцаў, Харары прыводзіць такі прыклад: вы 50-гадовы вадзіцель грузавіка, які страціў працу з-за развіцця беспілотных аўто. Ёсць варыянты новай работы – ствараць праграмнае забеспячэнне або вучыць займацца ёгай інжынераў. Але, прабачце, як 50-гадовы вадзіцель грузавіка знойдзе сябе ў якасці распрацоўшчыка софту або настаўніка ёгі? А людзям жа давядзецца рабіць гэта не аднаразова, а зноў і зноў на працягу ўсяго жыцця, пастаянна асвойваць новыя прафесіі. Якія затым будуць знікаць, а на іх месцы – зноў з'яўляцца новыя. Харары прагназуе: калі раней людзі змагаліся з эксплуатацыяй, то ў 21-ым стагоддзі будуць змагацца з непатрэбнасцю. І зразумеюць: значна горш быць непатрэбным, чым тым, каго эксплуатуюць.
Ёсць і такі прагноз: у бліжэйшай будучыні ўвогуле амаль не застанецца прафесій у чыстым выглядзе. Хутчэй працадаўцам будуць патрэбныя людзі з канкрэтнымі навыкамі, ведамі для вырашэння канкрэтных задач. У такім разе надзвычай важным будзе – што вы ў жыцці ўмееце рабіць? Больш навыкаў – больш патэнцыйных магчымасцей, асабліва калі гэтыя навыкі з самых розных сфер.
Так ці інакш, ужо зразумела: у любым выпадку важным становіцца пастаяннае навучанне чамусьці новаму. Навучанне працягласцю ў жыццё. А яшчэ – гатоўнасць пастаянна адаптавацца да змяненняў, быць гнуткім. Зрэшты, зараз у многіх з'явілася добрая магчымасць пачаць гэта рабіць. Чаму б не выкарыстаць вольны час для атрымання новых ведаў? Каронавірусы прыходзяць і сыходзяць, а веды застаюцца.