Падзяліцца:
«Розгалас. Што рабіць з персанальнымі данымі?» Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.01.2020
«Розгалас. Што рабіць з персанальнымі данымі?» Радыёблог Максіма Угляніцы

Сёння, 28-га студзеня, адзначаецца міжнародны Дзень абароны даных. Такой традыцыі ўжо 13 гадоў, і спачатку размова ішла пра павышэнне дасведчанасці сярод прадпрымальнікаў і іншых карыстальнікаў глабальнага сеціва па абароне іх персанальнай онлайн-інфармацыі. Але, відавочна, што сёння кантэкст праблемы ўжо шырэйшы. З кожным годам усё больш пытанняў з гэтымі персанальнымі данымі і асабліва – з іх абаронай.

Прычым ёсць адчуванне, што ў Беларусі многія людзі пакуль нават не задумваюцца на гэтую тэму, адпаведна няма яе ў топе праблем, якія найбольш хвалююць. Зрэшты, на ўзроўні дзяржавы пэўныя захады прымаюцца – напрыклад, так супала, што якраз сёння нашы дэпутаты разглядаюць у другім чытанні праект закона «Аб абароне персанальных даных».

У іншых краінах, найперш на Захадзе, у Еўрасаюзе, праблему адчуваюць куды больш востра. Не толькі на ўзроўні ўрадаў – нават на ўзроўні звычайных людзей. Прыгадайце хаця б маштабную акцыю «выдалі Facebook», якая пракацілася па сацыяльнай сетцы некалькі гадоў таму, калі стала вядома, што робяць з асабістымі данымі мільёнаў карыстальнікаў у палітычных мэтах. І многія тады сапраўды сышлі з Facebook, што называецца, з канцамі.

Чаму ёсць занепакоенасць на ўзроўні ўрадаў? Тут можна прыгадаць леташні прыклад Балгарыі – там выкралі даныя больш чым 5 мільёнаў грамадзян (амаль усяго працаздольнага насельніцтва) з базы Нацыянальнага агенцтва па даходах. Спецыялісты тады зрабілі выснову: лічбавізацыя на дзяржаўным узроўні стварае рэальныя залатыя жылы для хакераў. Прычым гэта справядліва для любой краіны. З іншага боку, і змагацца супраць такой алічбоўкі персанальных даных у глабальным маштабе – справа бессэнсоўная. А лепшым выйсцем, на думку розных экспертаў, можа быць такое: проста прыняць думку, што любыя нашы персанальныя даныя ў любы момант могуць стаць публічнымі. І загадзя прадумваць свае паводзіны, каб не патрапіць на вуду махляроў.

У цэлым жа мала хто можа дакладна адказаць, што будзе з нашымі персанальнымі данымі нават праз 5-10 гадоў – з улікам таго, як імкліва развіваецца лічбавае асяроддзе. Але можна спрагназаваць. Як зрабіла, напрыклад, нядаўна брытанская дабрачынная арганізацыя Privacy International. Яе спецыялісты прыдумалі некалькі сцэнарыяў развіцця падзей.

Па першым сцэнарыі, нашы даныя могуць стаць аб'ектам уласнасці. І іх нават можна будзе прадаваць зацікаўленым карпарацыям і структурам. Магчыма, з'явяцца спецыяльныя онлайн-памочнікі, якія падкажуць статыстыку цэн, трэнды і за што можна будзе атрымаць больш грошай. Зрэшты, самі эксперты тут жа прагназуюць: грошы будуць зусім невялікія. І гэта не перашкодзіць буйным кампаніям, як і сёння, назапашваць у сябе вялізныя масівы даных. А самай вялікай праблемай будзе юрыдычная – з аўтарскімі правамі. Простае параўнанне: карціна якога-небудзь мастака – гэта аб'ект інтэлектуальнай уласнасці. А фарбы, якімі мастак яе маляваў, – не. Бо маюць значэнне не фарбы, а іх унікальнае спалучэнне. Так і з нашымі данымі. Будзе пэўны датчык збіраць даныя пра ваш пульс або траекторыю руху вачэй – і што з таго? Гэта проста голыя звесткі, пакуль іх хтосьці не прааналізуе, пакуль не будзе праведзена інтэлектуальная праца. Карацей, пытанняў шмат і канкрэтыкі мала.

Ёсць іншы цікавы сцэнарый, звязаны з першым – магчыма, людзі будуць свядома зарабляць за перадачу сваіх асабістых даных. Эксперты нават прыдумалі адмысловы кішэнны прыбор для гэтага – плэйбар (ад спалучэння англійскіх слоў «гульня» і «праца», play i labour). Ён зможа фіксаваць усе рэакцыі, эмоцыі і іншыя даныя добраахвотніка.

Прыклад прыводзіцца вельмі ўжо бытавы: ідзе такі чалавек, прабачце, ва ўборную – а прылада запісвае розныя яго біялагічныя даныя (і нават тое, як часта ён туды ходзіць). Навошта? Ну, напрыклад, гэта можа дапамагчы фармацэўтычным кампаніям паляпшаць якасць лекаў – для гэтага ім жыццёва неабходныя даныя мільёнаў канкрэтных пацыентаў. Атрымліваецца, і кампаніі ў плюсе (стануць лепшымі лекі – больш удасца прадаць), і людзі пэўную капейку атрымаюць за тое, што падзяліліся сваімі данымі.

Яшчэ раз удакладню – гэта пакуль толькі прагнозы развіцця сітуацыі, фантазіі экспертаў. Але што вы думаеце – такое немагчыма? Гадоў нават праз дзесяць. Абсалютная фантастыка? Я б так не сказаў.

Яшчэ адзін сцэнарый – будуць стварацца пэўныя дзяржаўныя фонды даных. Там грамадзяне і ўладныя структуры сумесна валодаюць звесткамі з розных датчыкаў і сэрвісаў, якімі карыстаюцца людзі. У выніку ўвесь прагноз экспертаў брытанскай арганізацыі зводзіцца да таго, што нават самыя дэмакратычныя дэмакратыі ў свеце могуць ператварыцца ў «тэхна-дыктатуры», маючы ў руках столькі персанальнай інфармацыі пра сваіх грамадзян (тут жа хочацца сказаць: як быццам яны зараз яе не маюць! Дастаткова прыкладаў ёсць і ў той жа Вялікабрытаніі, і ў ЗША).

Выснова: універсальнага рашэння няма. І гэта ж яшчэ не прыгадалі праблемы, звязаныя з актыўным развіццём штучнага інтэлекту, біятэхналогій. А там адны пытанні – маральныя, этычныя, сацыяльныя...

Можна, вядома, увогуле махнуць рукой на гэтую тэму – ай, што пра яе думаць? Няхай разумныя вучоныя думаюць! Але ад гэтага, натуральна, праблема не знікне. І будзеце вы заказваць піцу дамоў, або шукаць у інтэрнэце спосаб лячэння свайго захворвання, або ехаць па справах з дапамогай навігатара, або «лайкаць» пэўныя фота ў сацыяльнай сетцы і яшчэ шмат чаго рабіць – усе гэтыя дзеянні застануцца ў памяці адпаведных сэрвісаў і кампаній. І стануць штрыхамі да вашага «лічбавага партрэту», які пішацца ўвесь час. Дзе і калі гэты «партрэт» можа з'явіцца – прадказаць немагчыма. Напэўна, адзінае, што застаецца, – яшчэ часцей задумвацца пра свае дзеянні. Нават тады, калі, здавалася б, няма нікога, акрамя вас і смартфона. Бо, як вядома, кожнае дзеянне мае наступствы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: