Апошнім часам усё больш беларусаў задумваюцца – ці не змяніць аўтамабіль на электрамабіль? Кажу так, таму што ўсё часцей чую адпаведныя размовы навокал. Канечне, найперш ад мужчын. Абмяркоўваюць, дзеляцца інфармацыяй пра навінкі, супастаўляюць, падлічваюць расходы… Пакуль гэта хутчэй асцярожны інтарэс, чым актыўныя дзеянні, але ж у любым выпадку відавочна: працэс пайшоў.
Праехаўшы сам за рулём электракара, магу запэўніць: адчуванні неверагодныя. Націснуў на педаль – і машына як быццам вылятае з-пад цябе. Праўда, уладальнікі кажуць: адчуванні гэтыя праз колькі месяцаў прытупляюцца, затое з'яўляецца шмат іншых пытанняў. Адно з асноўных – дзе і як зараджаць батарэю.
Апошнім часам на дзяржаўным узроўні прыняты меры, каб зрабіць электратранспарт больш даступным для людзей. Канечне, наколькі гэта магчыма на сёння. Бо пакуль новы від транспарту ўсёж-такі толькі становіцца трэндам – да бурнага сусветнага развіцця яшчэ далёка. Але гэта не значыць, што трэба сядзець і чакаць лепшых дзён. Дарэчы, імпульс развіццю электратранспарту ў нашай краіне павінен надаць запуск Беларускай АЭС. Акрамя таго, зараз актыўна распрацоўваецца дзяржаўная праграма развіцця электратранспарту, разлічаная да 2025 года. Беларускія навукоўцы і інжынеры маюць уласныя напрацоўкі і кампетэнцыі ў галіне энергетыкі, радыёэлектронікі і машынабудавання. Так што як мінімум вытворчасць кампанентаў для электратранспарту мы можам наладзіць ужо ў бліжэйшы час.
Эксперты ААН тым часам робяць прагноз: колькасць электрамабіляў па ўсім свеце да 2030 года павялічыцца ў чатыры разы. Іх будзе 20 млн. Зрэшты, гэта не так і шмат. Параўнайце: сёння па вуліцах і дарогах свету рухаецца мільярд пасажырскіх аўтамабіляў. Іх да 2030-га ўвогуле можа стаць два мільярды. Зразумела, любыя разлікі прыблізныя, усё можа імгненна змяніцца са з'яўленнем той ці іншай тэхналогіі, і тым не менш. Яшчэ адзін важны момант, пра які апошнім часам задумваюцца ўсё часцей, – экалогія. Зараз аўтатранспарт дае чвэрць усіх выкідаў парніковых газаў. Гэта вельмі шмат. І ўсё больш жыхароў планеты шчыра жадаюць змяніць такі расклад. Праўда, у гэтага медаля ёсць і адваротны бок, пра які не заўсёды кажуць: здабыча сыравіны для электрамабільных акумулятараў таксама моцна б'е па экалогіі. Ідэальнага рашэння пакуль не відаць.
Між тым, змена аўтамабіля з рухавіком унутранага згарання на электрамабіль можа прывесці да маштабнай катастрофы ў аўтапрамысловасці ўжо ў бліжэйшыя гады. Такую ацэнку дае расійская рэдакцыя часопіса «Форбс». Аўтар артыкулу лічыць: самым значным эканамічным і сацыяльным узрушэннем наступнага дзесяцігоддзя будзе трансфармацыя аўтаіндустрыі. Яе наступствы будуць зусім не банальнымі, як можна было б падумаць («ну замянілі аўтамабілі на электрамабілі, і што тут рэвалюцыйнага?»).
Справа ў тым, што сучасны аўтапрам – гэта не толькі продаж і вытворчасць аўтамабіляў, але і адзін з самых буйных спажыўцоў матэрыялаў і нафты на планеце, а таксама гіганцкі спажывец фінансавых рэсурсаў. Ланцужок стварэння аўтамабіля пачынаецца ад здабычы карысных выкапняў і завяршаецца пасляпродажным абслугоўваннем, аўтакрэдытаваннем і страхаваннем. Яшчэ некалькі лічбаў: аб'ём продажу ў аўтапраме і звязаных з ім сферах год таму дасягаў $15 трлн. Гэта каля 20% сусветнага ВУП.
Калі адбудзецца тэхналагічны зрух на карысць электрамабіляў, то выпускаць большасць электрамабіляў будуць зусім іншыя кампаніі – не тыя, што робяць аўтамабілі зараз. Лепш за ўсё гэта растлумачыць на прыкладзе замены сотавых тэлефонаў смартфонамі. Пагадзіцеся, вельмі падобныя прылады – не сказаць, што кардынальна адрозніваюцца. Але прыгадайце: якія ў вас былі мабільнікі? Магчыма, Nokia або Motorola. А якія смартфоны? Напэўна, Apple, Huawei або Samsung. Лідары рынку змяніліся, хоць прылады падобныя. Калі выйшаў першы iPhone, фінская Nokia выпускала мільярд сотавых тэлефонаў. Ці шмат вы бачыце іх сёння?
Як піша «Форбс», – у гісторыі так адбывалася заўсёды, таму што вялікай кампаніі складана прынцыпова змяняць сваю дзейнасць. Так і з аўтапрамам. Сёння ён выпускае вельмі якасныя аўтамабілі вельмі танна. Аднак электрамабіль кардынальна адрозніваецца ад аўтамабіля, хоць знешне яны падобныя. Ёсць і псіхалагічны момант: калі адбываецца тэхналагічны зрух, старыя брэнды ўспрымаюцца як нешта з мінулага жыцця. Людзі не хочуць купляць, умоўна кажучы, электрычны Mercedes – яны хочуць купляць Tesla. Менавіта таму канцэрн Daimler пакуль і не можа эфектыўна прадаваць электрамабілі. Таму эксперты прагназуюць: магутнасці старых аўтавытворцаў будуць разбураны хоць і не цалкам, але карціна будзе жахлівая.
Дадайце яшчэ хуткае развіццё тэхналогіі аўтапілоту – хто ведае, магчыма, у недалёкай будучыні людзям увогуле забароняць самім садзіцца за руль, у мэтах бяспекі. Знікне такая важная матывацыя – асалода ад кіравання аўтамабілем. Сучасны аўтапрам наўрад ці зможа ўсё гэта перажыць.
Але нават усе гэтыя развагі могуць аказацца неактуальнымі, калі прыгадаць нядаўнюю навіну. Адзін з японскіх стартапаў плануе не пазней, чым праз тры гады, выпусціць першыя лятучыя аўтамабілі! Мэта японскага ўрада, які інвесціруе ў такія сродкі перамяшчэння, – вырашыць праблемы з транспартам у вялікіх гарадах, цяжкапраходных горных раёнах і на аддаленых астравах. Спачатку палёты «паветранага таксі» будуць праходзіць над морам, таму што было б вялікай рызыкай лятаць проста над натоўпам людзей, – лічыць гендырэктар кампаніі-распрацоўшчыка. Адзін з такіх лятучых аўтамабіляў у пачатку года прайшоў выпрабаванні ў памяшканні. Зараз стваральнікі чакаюць дазволу на палёт на вуліцы.
Вось так, амаль незаўважна, на нашых вачах наступае будучыня.