Падзяліцца:
«Розгалас. Ударым новымі тэхналогіямі па каронавірусе!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.02.2020
«Розгалас. Ударым новымі тэхналогіямі па каронавірусе!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Як вам здаецца, якое слова ў апошні месяц мы часцей за ўсё чуем па радыё і з экранаў тэлевізараў, бачым на стужках навін у нашых смартфонах? Каронавірус!

Не, я спецыяльных даследаванняў не бачыў і сам не праводзіў, магчыма, найбольш ужывальнае слова іншае. Але ж невыпадкова спытаў – як вам здаецца? У мяне абсалютнае адчуванне, што толькі і размовы пра каронавірус. І шчасце яшчэ, што да нас гэты вірус не дабраўся, што гэта толькі абстрактныя назіранні. Зрэшты, калі аналізаваць сітуацыю з халоднай галавой і лічбамі ў руках, разумееш: пакуль нічога экстраардынарнага і не адбываецца. Ад звычайнага грыпу, на жаль, у свеце памірае куды больш людзей – проста да гэтага прызвычаіліся, увагу такімі навінамі цяжка прыцягнуць, «хайпу» на іх не зробіш, вось асабліва і не паведамляюць.

Але магу спрагназаваць: сенсацыйныя навіны пра вірусы мы пачуем у будучыні яшчэ не раз. COVID-19, SARS, MERS, птушыны і свіны грып… штосьці новае ў гэтым шэрагу абавязкова з'явіцца. Чаму я ў гэтым упэўнены? Бо адразу прыгадваю свае ранейшыя інтэрв'ю з вучонымі-медыкамі, якія займаюцца пытаннямі вірусаў і інфекцый. Так, прафесар Сяргей Жаваранак калісьці і ў эфіры і за эфірам расказваў мне, што пакуль спецыялісты адкрылі толькі каля 5% новых вірусаў. А пра 95% мы проста яшчэ не ведаем. Так што цяперашні шум вакол каронавірусу – гэта толькі вяршыня айсбергу.

І яшчэ. Калі ў сярэднія вякі вірусы распаўсюджваліся з хуткасцю дыліжанса, то сёння – з хуткасцю рэактыўнага самалёта. Дзякуй глабалізацыі. Але ці значыць гэта, што ў выпадку чаго – ай-яй-яй, нідзе не схаваешся, новы смяротны вірус нас усіх заб'е? Напэўна, не. Дзіўным чынам, якраз-такі глабалізацыя і ўкараненне новых тэхналогій часам дапамагае ў барацьбе з рознымі захворваннямі.

Так, у Кітаі зараз можна назіраць цікавы вопыт укаранення маштабнай сістэмы, якая па задуме павінна дапамагчы спыніць распаўсюджванне вірусу. У многіх жыхароў краіны ў мабільных дадатках на смартфонах з'явіўся штрых-код рознага колеру. Усяго іх тры, як у светлафоры – чырвоны, жоўты і зялёны. Прынцып дзеяння такі ж. Калі ў цябе чырвоны штрых-код, то лепш сядзі дома, у транспарт або грамадскае месца цябе ўсё роўна не пусцяць, мінімум 14 дзён. Размова, канечне, пра тыя гарады, дзе сітуацыя з каронавірусам найбольш складаная: там ёсць пункты праверкі, дзе проста скануюць штрых-коды. Пакуль гэта тры правінцыі Кітая (але, на хвіліначку, там жыве 180 мільёнаў чалавек!).

Натуральнае пытанне: хто ж прысвойвае таму ці іншаму чалавеку пэўны колер (і такім чынам вызначае яго лёс на бліжэйшыя дні)? Гэта робіць разумны алгарытм, заснаваны на машынным навучанні. Сістэма аналізуе вялізную колькасць даных пра перамяшчэнні канкрэтнага чалавека і яго ўласныя адказы на пытанні – як ён сябе адчувае. Ніхто не хавае, што алгарытм не ідэальны і пры такім падыходзе магчымыя памылкі. Прычым зразумела, у які бок – хутчэй здароваму чалавеку дадуць чырвоны штрых-код, чым хвораму – зялёны. Проста каб падстрахавацца. Спецыялісты кажуць, што такое масавае выкарыстанне тэхналогій не мае прэцэдэнтаў у свеце.

Але гэта гучыць для нас неяк паўфантастычна. А ёсць жа шмат іншых, добра знаёмых нам тэхналогій, якія таксама робяць уклад у барацьбу з хуткім распаўсюджваннем інфекцый і вірусаў. Проста мы часцей за ўсё пра гэта не задумваемся. А вось дырэктар адной з расійскіх інтэрнет-кампаній Яўген Пескін задумаўся і напісаў адпаведны пост.

Ён заўважае: размова не пра тое, што ў век інтэрнэту незвычайна хутка адбываецца інфармацыйны абмен пра ачагі інфекцыі, сімптомы і магчымае лячэнне. Не пра тое, што сёння разумныя нейрасеткі дапамагаюць хутка шукаць лекі, прагназаваць развіццё сітуацыі. І нават не пра тое, што сёння павышаную тэмпературу можна змераць адразу ў вялікага патоку людзей – спецыяльнымі інфрачырвонымі тэрмометрамі. Усё яшчэ прасцей.

Бескантактныя плацяжы. Раней як было – грошы абавязкова краналі рукамі, плацілі імі ў месцах прыёму ежы. А яшчэ раней нават спрабавалі на зуб! Папяровыя грошы – цудоўны шлях да хуткага распаўсюджвання хвароб, на банкнотах якіх толькі мікробаў не сустрэнеш! Кажуць, рэспіраторныя вірусы выжываюць на купюры каля сутак. Затое пластыкавая картка куды менш небяспечная. А ўжо бескантактныя плацяжы ўвогуле блакіруюць такі шлях перадачы патагенаў.

Асабістыя тэлефоны. Што яшчэ так добра збірала раней інфекцыю, як трубка тэлефона, якую мы прыціскалі да твару?! Яўген Пескін нагадвае: у славутым творы «Аўтастопам па галактыцы» цэлая цывілізацыя вымерла, таму што перастала праціраць антысептыкам тэлефонныя трубкі. Але ў сучасных людзей тэлефоны асабістыя. Цяпер гэта часцей за ўсё – сродак індывідуальнага выкарыстання. І яшчэ адзін бар'ер на шляху інфекцый і вірусаў.

Онлайн-шопінг і онлайн-банкінг. Што раней – шмат людзей у невялікім памяшкані, «хтосьці на мяне пакашляў у чарзе ў банку» – і, прывітанне, хвароба! Што цяпер? Сядзі сабе дома або на працы і купляй (аплачвай) праз інтэрнэт амаль усё, што пажадаеш. Ключавое слова «амаль», але ж тут прагрэс хуткі, пагадзіцеся. Зноў жа – у віртуальнай чарзе ніхто на вас чхаць не будзе.

Аддаленыя працоўныя месцы і відэаканферэнцыі. Інтэрнэт радыкальна знізіў кошт відэасувязі, і мільёны людзей цяпер могуць паўнавартасна працаваць, не збіраючыся для гэтага разам у офісах. А, напрыклад, студэнты могуць значную частку праграмы асвойваць онлайн, не збіраючыся ў аўдыторыях.

Спецыяліст робіць цікавую выснову: як бы мы ні сумавалі часам па старым добрым поціску рукі, яшчэ больш па ім будуць сумаваць мікробы. Але ж, – скажу ад сябе, – гэта толькі з пункту гледжання барацьбы з вірусамі. А ў цэлым не хацелася б адмаўляцца ні ад поціску рукі, ні ад многіх іншых дзеянняў, якія мы робім «офлайн», без выкарыстання новых тэхналогій, «як раней». Але пра гэта давайце пагаворым тады, калі забудзем пра цяперашні каронавірус.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: