Вось з чым Беларусі і беларусам пашчасціла, дык гэта з лесам! Не з нейкім канкрэтным – з лясамі ўвогуле. Цудоўная (і абсалютна бясплатная) крыніца здароўя і душэўнага спакою. Хочаш забыцца на стрэсы – трэба ісці ў лес. Падыхаць і зразумець, што такое сапраўды свежае паветра. Паслухаць птушак і іншыя гукі прыроды. Проста прайсціся, нарэшце!
Канечне, літаральна зараз не ва ўсіх гэта атрымаецца, нават пры вялікім жаданні. У многіх раёнах Беларусі дзейнічае забарона на наведванне лясоў. Віной таму – працяглае надвор'е без дажджоў. Зрэшты, за мінулыя дні дажджы ўсё ж месцамі прайшлі, ды і забарона вечнай не будзе. Так што «рэцэптам здароўя» абавязкова трэба будзе скарыстацца. Шкада толькі, што апошнім часам усё радзей атрымліваецца гэта рабіць…
Затое ў дзяцінстве летам мы, здаецца, з таго лесу не выходзілі – дачныя ўчасткі дзядуль і бабуль знаходзіліся вельмі блізка ад яго. Колькі хвалюючых гісторый адразу прыгадваецца! Што рабілі? Калі з дарослымі, то маглі хадзіць па ягады і грыбы (у тыя часы я беспамылкова мог адрозніць, скажам, польскі грыб ад белага – а зараз яны ўсе для мяне «на адзін твар»). Бывала, з дзядулям нарыхтоўвалі дровы на зіму, і пакуль падпілоўвалі ўручную нават невялікае сухое дрэва, з мяне, здавалася, сем патоў сыходзіла. А паралельна ж гучалі нейкія жыццёвыя гісторыі – вось толькі я, малы, яшчэ не надта прыслухоўваўся. І сёння, на жаль, амаль што не памятаю, пра што размаўлялі.
Але больш цікава, канечне, было без дарослых. Збіраліся невялікай кампаніяй дачных сяброў (звычайна з суседніх або блізкіх дамоў) – і наперад, у лес. Спраў хапала. Напрыклад, залезці на сасну – натуральна, хто вышэй зможа і хто далей убачыць. Самае цікавае, што ніхто ні разу ні адкуль не падаў, рукі-ногі не ламаў і ўвогуле ўсё было добра. А зараз часам праходжу міма тых дрэў і думаю: як увогуле на іх можна было залезці?!
Шмат часу сыходзіла на ўладкаванне розных шалашоў – дастаткова прымітыўных, але ж тады яны здаваліся нам нечым незвычайным. Канечне, прадметам зайздрасці былі салідныя шалашы, збітыя з дошак высока на дрэвах. Некалькі разоў выпадкова натыкаліся на такія ў лесе, з захапленнем марылі, што зробім падобныя, і… натуральна, нічога не рабілі. Занадта ўжо сур'ёзная была справа для падлеткаў.
З лесам звязаны і не самыя прыемныя сустрэчы з прыродай – напрыклад, са змеямі. Асабіста я першую ў жыцці мядзянку ўбачыў менавіта ў лесе. Але зноў жа – першыя некалькі разоў пужаліся, унутры нібы дранцвелі, але пасля цікаўнасць брала верх, і вось ужо ішлі кампаніяй «паляваць» на змей. На шчасце, некалькі такіх «паляванняў» нічым не скончыліся.
Таксама памятаю, як дарослыя вучылі: калі раптам сустрэнеш у лесе дзіка, ні ў якім разе не ўбягай ад яго па прамой. Абавязкова віхляй з боку ў бок, тады ён, маўляў, разгубіцца і не зможа дагнаць. А яшчэ лепш – шукай паблізу дрэва, на якое можна залезці. Што рабіць далей (у часы, калі не было мабільных тэлефонаў), неяк ніхто падрабязна не расказваў. Але нават пры такіх, не самых вясёлых расказах, дакладна памятаю: лес ніколі не пужаў. Наадварот – прывабліваў. І пастаянна ў добрым сэнсе здзіўляў. Нават калі па адных і тых жа сцяжынках хадзілі, здавалася, што кожны раз гэта новы лес.
Паўтару, на жаль, сёння ногі рэдка даходзяць да лесу. Ды й тое звычайна на некалькі хвілін – бо пастаянна ж нейкія справы, мітусня, трэба кудысьці бегчы ці штосьці рабіць… Праўда, днямі ўдалося вырвацца літаральна на паўгадзіны, адразу пасля работы, пакуль яшчэ сонца не зайшло. Вырашыў паглядзець на «Дуб-дзядулю», што расце на месцы былой сядзібы пісьменніка Ядвігіна Ш., у Лагойскім раёне. Дрэва сапраўды ўражвае. Кажуць, яму каля 600 гадоў!
Заадно вырашыў крыху прайсціся ў бліжэйшы лясок. Там і злавіў сябе на думцы чарговы раз: сапраўды нашы лясы – наша багацце! А мы да яго настолькі прызвычаіліся, што часам і не разумеем, што маем.
І так, асабліва падкрэслю: актуальныя рэкамендацыі медыкаў я не парушаў. На працягу ўсёй паездкі ні з кім не кантактаваў (акрамя тых, хто быў са мной у аўтамабілі). Ні да чаго, акрамя магутнага дуба, рукамі не дакранаўся. І ўвогуле, падумаў: у цяперашняй сітуацыі гэта цудоўныя лекі. Калі хочаце забыцца на негатыўныя навіны, зняць стрэс, адчуць сябе бадзёрым і проста падыхаць чыстым паветрам – ідзіце ў лес! Там дакладна няма ніякіх каронавірусаў і месца для сацыяльнай дыстанцыі – больш чым дастаткова. Толькі праверце, каб выбраны вамі лес не быў закрыты для наведвання.
