У Мінску на 1 снежня плануецца прэм'ера музычнага спектакля «ЦЕНЬ» па аднаіменнай п'есе ЯЎГЕНА ШВАРЦА – новы сумесны праект ДЗЯРЖАЎНАГА КАМЕРНАГА ХОРУ БЕЛАРУСІ і ансамбля «МУЗЫЧНАЯ АРКА» БЕЛАРУСКАГА САЮЗА КАМПАЗІТАРАЎ.
Напісаная ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, п'еса сёння набыла асаблівую актуальнасць. Імпульсам да стварэння пастаноўкі паслужыў аўдыёспектакль АЛЕГА АНОФРЫЕВА, які сам зрабіў лібрэта і выканаў галоўныя ролі.
Беларуская версія спектакля прадстаўлены ў жанры мюзікла ці нават рок-оперы, музыку да якой напісала ВЕРА ЗАЙЦАВА. У Расіі яе творчасць добра вядома, дзякуючы творам для сімфанічнага аркестра, рускага народнага аркестра, жаночага хору. Музыка да спектакля «ЦЕНЬ» была напісана па просьбе СВЯТЛАНЫ КУДЗІНАЙ, якая з 2019 года з'яўляецца мастацкім кіраўніком інструментальнага ансамбля салістаў «МУЗЫЧНАЯ АРКА», створанага на базе САЮЗА БЕЛАРУСКІХ КАМПАЗІТАРАЎ.
Галоўныя і эпізадычныя ролі ў спектаклі выконваюць салісты ЗАСЛУЖАНАГА КАЛЕКТЫВУ ДЗЯРЖАЎНАГА КАМЕРНАГА ХОРУ БЕЛАРУСІ (мастацкі кіраўнік НАТАЛЛЯ УЛАДЗІМІРАЎНА МІХАЙЛАВА).
Рэжысёрам, мастаком-пастаноўшчыкам і выканаўцам галоўных роляў ВУЧОНАГА і ЦЕНІ выступае папулярны акцёр тэатра і кіно ІГАР ПЯТРОЎ. Балетмайстар – МАРЫНА ФІЛАТАВА.
У спектаклі гучыць цудоўная паэзія ДЗМІТРЫЯ ЕРМАЛОВІЧА-ДАШЧЫНСКАГА.
Госці аўтара праграмы «ТВОРЧЫ ВЕЧАР» ВІКТАРА КІСЦЯНЯ – рэжысёр спектакля акцёр ІГАР ПЯТРОЎ і выканаўца адной з галоўных роляў ВЕРАНІКА ЧАРНЯЎСКАЯ.
Аўдыёверсія праграмы за 23 лістапада ў 21-05.