Падзяліцца:
Анонс: 32 экспедыцыя «Дарога да святыняў»: Іўе – «Святло душы», 11.04.2026
10 красавіка 2026
Анонс: 32 экспедыцыя «Дарога да святыняў»: Іўе – «Святло душы», 11.04.2026

Працягваецца падарожжа з удзельнікамі 32-й духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Мы крочым з Благадатным Агнем ад Гроба Гасподняга і цудатворнай Загор'е-Сталовіцкай іконай Божай Маці.

Раніца трэццяга дня выдалася пахмурнай: дзьмуў халодны, пранізлівы вецер, мітусіліся па небе хмары, не супыняўся надакучлівы дождж.

Ля кветніка, на раздарожжы, жартаўлівая шыльда: Парыж-Наваградак. Тут нас вітае дзяўчына з караваем. Праз некалькі хвілін – Іўе.

Пэўна, нашы святыні стварылі сапраўдны цуд: дождж скончыўся, хмары некуды зніклі, над горадам зазяла сонца. Разыходзімся на сустрэчы з месцічамі.

Вёска Лукашына. Тут, у доме з прыгожымі кветнікамі, жывуць састарэлыя людзі. Нас уважліва слухаюць, беражліва прымаюць апаленыя Святым Агнем свечкі, перадаём каравай на пачастунак. Потым размаўляем з Марыяй Іванаўнай Ледаховіч – гаспадарыняй прытулку.

На экскурсію па Іўі кліча дырэктар Іўеўскага музея нацыянальных культур Алёна Віктарава. Яна пачынаецца ад візітнай карткі горада – памятнага знака «У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны». Велічны знак талерантнасці ўяўляе сабой чатыры белыя аркі, упрыгожаныя рэлігійнымі сімваламі – праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай. На адной – выява Спаса Нерукатворнага з іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Уверсе словы «Я есть путь к истине и истина, и жизнь», на другой – выява папы Рымскага Іаана Паўла ІІ з заклікам «Адчыніце дзверы Хрысту!», на трэцяй – мусульманская сімволіка і Каран, а чацвёртая стэла ўпрыгожана падсвечнікам-мінорай (сімвал дзяржавы Ізраіль) і словамі на рускай мове і іўрыце «Мир вам!» Іўе – горад, дзе ў згодзе на працягу вякоў жылі людзі чатырох канфесій.

Крутыя вулачкі прывялі да крыніцы, асвечанай у гонар Архангела Міхаіла. У зеляніне дрэў, чырвонае сардэчка-прызнанне ў любові Іўю. Ёсць паданне, што назва пайшла ад вербаў, што ў мностве раслі навокал. Па другой легендзе, яго заснавала княгіня Ева – жонка вялікага князя Гедыміна, якая пабудавала тут замак.

Завяршаем дзень сустрэчай у Палацы культуры...

«Святло душы» у эфіры11 красавіка ў 7.30.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: