15 лістапада 1925 года ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі. У гэты ж дзень у 18 гадзін 30 хвілін у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Увага! Гаворыць Мінск!..»

Агульнанацыянальнае радыёвяшчанне дазволіла мільёнам беларусаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове. Шырока выкарыстоўваліся магчымасці радыё і як сродка асветы. У эфіры стала гучаць музычная і літаратурная класіка, творы сучасных аўтараў. Але першая радыёстанцыя магла трансліраваць свае перадачы ў радыусе 300 вёрст, і гучалі яны ўсяго 30 хвілін у суткі. Не наладжана была яшчэ і серыйная вытворчасць радыёпрыёмнікаў.

Так пачыналася гісторыя Беларускага радыё…

Сёння Беларускае радыё – гэта сучасная высокатэхналагічная структура, якая ўключае ў сябе два агульнанацыянальныя каналы (Першы нацыянальны і канал «Культура») і тры радыёстанцыі («Радыус-FM», «Сталіца» і радыё «Беларусь»).

«Візітная картка» Беларускага радыё – Першы нацыянальны канал – найбуйнейшы радыёканал Беларусі. У аснове вяшчальных прыярытэтаў – аператыўнасць, масавасць, даступнасць.

Сетка вяшчання заснавана на спалучэнні інфармацыйных, тэматычных і музычных перадач, арыентаваных на слухацкую аўдыторыю 35+. Вяшчальная палітыка Першага нацыянальнага канала накіравана на ўмацаванне пазіцый у мэтавых узроставых групах (35-44, 45-54, 55-64 і 65+).

FM/УКХ-перадатчыкі канала забяспечваюць ахоп 99,87% тэрыторыі краіны і прыгранічных раёнаў Расіі, Украіны, Еўрасаюза. Эфірнае FM-вяшчанне канала і online ў Інтэрнэце вядзецца кругласутачна. Першы нацыянальны адзіны радыёканал у Беларусі, які транслюецца ў лічбавым фармаце (у сацыяльным пакеце лічбавага тэлебачання Multiplex-1).

Навіны выходзяць на канале кожную гадзіну кругласутачна, уласныя карэспандэнты (з ліку супрацоўнікаў абласных тэлерадыёкампаній) працуюць ва ўсіх абласцях Беларусі.

Канал прапануе сваёй аўдыторыі разнастайны аналітычны кантэнт, дыскусіі гучаць у эфіры штодня. З актуальнымі каментарыямі па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі выступаюць аўтарытэтныя эксперты: дэпутаты, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, палітычныя аглядальнікі і палітолагі.

На канале праводзяцца прамыя радыётрансляцыі найважнейшых грамадска-палітычных падзей з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – пасланняў беларускаму народу і парламенту, урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, Дню Незалежнасці, прэс-канферэнцый журналістам беларускіх і замежных СМІ, Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і іншых.

Сярод найбольш папулярных інфармацыйных і аналітычных перадач канала – «Радыёфакт», «Пастфактум», «Актуальныя мікрафон», «Дзелавы радыёпартал».

Карыстаецца папулярнасцю і штодзённы сацыяльна-палітычны дыскусійны праект «Такі дзень». Асноўны прынцып – «навіны тут і цяпер».

Спартыўныя агляды гучаць штодня ў кругласутачным рэжыме. Вядомыя спартсмены і трэнеры, прадстаўнікі федэрацый пастаянна прымаюць удзел у тэматычным спецпраекце «Беларусь спартыўная». Асаблівая ўвага надаецца развіццю дзіцяча-юнацкага спорту ў краіне, дзейнасці Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Культуралагічныя перадачы накіраваны на захаванне і прымнажэнне нацыянальнай спадчыны Беларусі. На канале штодня трансліруюцца радыёспектаклі, лірычныя замалёўкі і радыёкампазіцыі, праводзяцца «круглыя сталы» з удзелам вядомых дзеячаў культуры і мастацтва краіны.

Музычнае вяшчанне арыентавана на папулярызацыю творчасці сучасных беларускіх аўтараў і выканаўцаў, у тым ліку – пераможцаў і ўдзельнікаў шоу «Фактар.BY». Пры гэтым у эфіры рэгулярна гучаць і залатыя хіты мінулых гадоў.

Інтэрнэт-рэсурсы Першага нацыянальнага канала (сайт радыё.бел, афіцыйныя акаўнты ў сацыяльных сетках ТікТок, Instagram, Аднакласнікі, VK, Фэйсбук, Youtube-канал) напоўнены разнастайным кантэнтам: кароткімі аўдыё- і відэафрагментамі эфірных перадач, пазаэфірнымі падкастамі і відэаролікамі, пашыранымі версіямі інтэрв'ю, архіўнымі запісамі эфіру.

Новыя праекты канала ў 2024 годзе

«Актуальны мікрафон. Пульс краіны» – мультымедыйны інфармацыйна-аналітычны праект, прысвечаны падрыхтоўцы і правядзенню палітычных кампаній 2024-2025 гг. (Адзіны дзень галасавання, Усебеларускі народны сход, падрыхтоўка да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);

«Прамы кантакт» – спецыяльны праект аб рабоце прадстаўнічых органаў улады ўсіх узроўняў (мясцовыя Саветы дэпутатаў, парламент, Усебеларускі народны сход);

«Хроніка Вызвалення» – інфармацыйна-публіцыстычная перадача, прысвечаная хроніцы вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў;

«Краіна герояў» – серыя аўдыёвізуальных матэрыялаў з успамінамі нашчадкаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны аб гераічным мінулым сваіх родных. Плануецца размяшчэнне матэрыялаў, у тым ліку ў фармаце падкаста, у афіцыйных акаўнтах Першага нацыянальнага канала на інтэрнэт-рэсурсах;

«Знак якасці» – спецыяльны праект да Года якасці, які раскрывае вопыт айчынных арганізацый і прадпрыемстваў па паляпшэнні спажывецкіх уласцівасцей прадуктаў, павышэнню якасці паслуг;

«КПД. Клапат. Падтрымка. Дапамога» – спецыяльны праект пра асаблівасці сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва ў Беларусі, новаўвядзенні ў профільным заканадаўстве;

«Бізнес-план» – спецыяльны праект пра асаблівасці адкрыцця і развіцця ўласнай справы на вопыце работы буйных бізнесменаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў;

«Сінематэка. Залатая калекцыя беларускага кіно» – тэматычная праграма да 100-годдзя нацыянальнага кінематографа, якая расказвае аб самых яркіх стужках у гісторыі беларускага кіно.

У 2024 годзе плануецца правядзенне эфірных акцый «Тыдзень памяці», прымеркаваных да Дня Перамогі і Дня незалежнасці, у тым ліку трансляцыя тэматычных радыёспектаклей па ваенных творах беларускіх аўтараў з 6 па 12 мая і з 1 па 7 ліпеня.

У новым сезоне будзе працягнута супрацоўніцтва з тэлеканаламі «Беларусь 1» і «Беларусь 24» па стварэнні сумесных гібрыдных медыяпраектаў і размяшчэнні ў эфіры радыёверсій найбольш значных грамадска-палітычных перадач.

Таксама будзе працягнута практыка правядзення азнаямленчых экскурсій па Доме радыё для найбольш актыўных радыёслухачоў, прадстаўнікоў арганізацый і працоўных калектываў з мэтай фарміравання лаяльнасці да брэнду.

Першы нацыянальны канал мае самую шырокую трансляцыйную сетку ў краіне, яго можна слухаць практычна ў любым пункце Беларусі.

Быць даступным і заўсёды цікавым для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя пытанні, прыемна і з карысцю адпачываць – усё гэта адлюстравана ў дэвізе Першага нацыянальнага канала «Будзем разам!».

Галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Угляніца Максім Аляксандравіч.

Рэкламны аддзел:

+375 17 389 60 78, +375 17 389 60 39