Поделиться:
«Ёсць на свеце куточак адзіны. Звычайныя гісторыі» – радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 26.11.2021
«Ёсць на свеце куточак адзіны. Звычайныя гісторыі» – радыёблог Валянціны Стэльмах

Прывітанне, шаноўныя слухачы!
Сёння пра вёскі-вёсачкі, тыя дарагія на свеце куточкі, адкуль у многіх з нас пачыналіся жыццёвыя дарогі. І куды цяпер вяртаюцца нашы думкі, аб чым клапоціцца, а часам і баліць наша душа.

«Сэрцам я заўсёды на роднай Мастоўшчыне, у маляўнічай вёсачцы Пяскі», – піша Алена Іванаўна Багдановіч з пасёлка Юбілейны Ваўкавыскага раёна. З цеплынёй узгадвае той час, калі яны ездзілі ў суседнюю вёску да бабулі і дзядулі, дапамагалі ім, не цураліся ніякай працы. Бабуля была рукадзельніцай, вырабляла цудоўныя дыванкі, сурвэткі. Падарыла іх дзецям і ўнукам. І цяпер з імі назаўсёды дарагі і шчымлівы напамінак пра дзяцінства і роднага чалавека.

Галіна Уладзіміраўна Камянец з Драгічына ўзгадала гісторыі, звязаныя з хутарам каля вёскі Ласінцы. Іх хата стаяла амаль што ў лесе, таму з маленства жыццё было звязана з прыродай, ляснымі насельнікамі, птушыным ды раслінным светам. Сваё цёплае і шчырае прызнанне роднай вёсцы Шчарбы зрабіла і Зоя Іванаўна Іванцова з Глыбокага: вёска паабапал дарогі, што вядзе на Дзісну, некалі там было каля 60 двароў, школьная сядзіба, якая патанала ў зеляніне, «край ваенных удоў і журбы», а яшчэ месца, якое здаўна аблюбавалі буслы. Перачытваю лісты і ўзрушаюся кожным радком ад Алены Іванаўны Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна, Аляксандра Іванавіча Матошкі з вёскі Янавічы Расонскага раёна, Валянціны Рыгораўны Сачык з вёскі Нізок Уздзенскага раёна і многімі іншымі.

Мяне вельмі крануў аповед Любові Андрэеўны Адамацкай з вёскі Слабада Бабруйскага раёна. Дарэчы, у раёне ёсць яшчэ і Туркоўская Слабада і проста Слабодка. Яе ж Слабада каля старой маскоўскай шашы, непадалёку ад Бабруйска. Любоў Андрэеўна падзялілася з намі гісторыяй пра вёску і яблыневы сад, пра хату, пабудаваную рукамі яе таты, і якую яна «ўзяла пад адзін дах са сваёй прыбудовай». Усё, што толькі магчыма было, пакінула, нават падаконнікі, ці як у іх кажуць, «асады», а таксама «святы вугал» і маміны іконы. Меншая з шасці дзяцей – Люба, выканала бацькоўскі наказ, вярнулася на радзіму, дала новае жыццё радавому кутку. Вельмі кранальная гісторыя! Мне здаецца, такіх нямала, бо людзі, нарэшце, разумеюць, што ёсць сапраўдныя каштоўнасці і вяртаюцца да сваіх каранёў.

Калі рыхтавалася да гэтай сустрэчы (сёння мы гаворым пра нашы любімыя і самыя дарагія сэрцу вёскі, дзе нарадзіліся-раслі), я не магла не патэлефанаваць у... Парыж! Напэўна, многія ведаюць, што ў Пастаўскім раёне ёсць вёска з такой красамоўнай назвай. Упершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах у 1784 годзе як фальварак ва ўласнасці Тызенгаўза. Ёсць тут і свае легенды. Адны лічаць, што назву вёска атрымала таму, што ў 1812 годзе Напалеон са сваім войскам рухаўся праз тыя мясціны, і як  быццам бы узрушана адзначыў: «Вой, як тут прыгожа, як у Парыжы». Паводле іншага падання – мясцовы шляхціч даў назву вёсцы проста так, з капрызу. Магчыма не ўсе ведаюць, аднаўленне гістарычнай назвы адбылося толькі ў 2006 годзе! Раней вёска мела назву Навадруцк.

Старэйшына Парыжа Яніна Пятроўна Шарынская любіць усе легенды, звязаныя з гэтым мястэчкам, куды яна пераехала амаль што 40 гадоў таму. Можа распавесці і сваю, нават не легенду, а быль. Пра тое, як некалі маладая дзяўчына, супрацоўніца сельсавета, не згаджалася выпісаць даведку, таму што не магла ўцяміць, які Парыж маецца на ўвазе?!. А яшчэ Яніна Пятроўна расказала цікавую жыццёвую гісторыю, што іх зямляк Роберт Міхайлавіч Барысаў, народжаны ў французскім Парыжы, вярнуўся ў беларускі. І пражыў тут са сваёй сям’ёй шмат гадоў. Не вельмі даўно яго не стала. Дарэчы, у нашым Парыжы ёсць нават свая Эйфелева вежа. І гэта ўжо асобная гісторыя.

«Французскі след» можна запрыкмеціць і ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна. Калісьці палацава-паркавы ансамбль не саступаў раскошай і вядомасцю нават рэзідэнцыям Радзівілаў. Першы ўладальнік маёнтка, удзельнік вайны з Напалеонам, дайшоў да Францыі. Вярнуўшыся, распачаў маштабнае будаўніцтва, у якім знайшла адлюстраванне яго любоў да французскай архітэктуры.
А колькі найцікавейшых гісторый могуць распавесці жыхары палескіх вёсак і вёсачак! І тых, што непадалёку ад Турава, Жыткавічаў. На слыху вёска Пагост, якая ў мінулым годзе адзначыла сваё 500-годдзе! У летапісных крыніцах узгадваецца з 1520 года, знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а затым – Расійскай імперыі. Менавіта ў Пагосце штогод ладзіцца Юраўскі карагод – традыцыйны веснавы абрад, занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Ёсць у нас і самыя вялікія вёскі. Гэта Рубель у Столінскім, Моталь у Іванаўскім. Што да апошняй, там унікальны музей народнай творчасці, а таксама вятрак і музей хлеба. Праславілася вёска і сваімі «мотальскімі прысмакамі»! Так што, куды ні кінь, куды ні глянь – усюды свае найцікавейшыя гісторыі!

Расскажыце і вы пра сваю вёску, пра тое, чаму яна носіць такую назву, і чым вы можаце ганарыцца! Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: