Штогод, у другія выхадныя верасня, адзначаецца Дзень горада Мінска. Сёлета нашай сталіцы спаўняецца 955 гадоў! Кожная вуліца і вулачка, плошча, сквер – аўтографы далёкай мінуўшчыны, легенды і паданні, гістарычныя факты і згадкі-пошукі вучоных-гісторыкаў. І, вядома ж, яго сучаснае аблічча з шырокімі вуліцамі і праспектамі, вышыннымі забудовамі і мікрараёнамі.
Вось і мы напярэдадні свята вырашылі, так сказаць, «прабегчыся» па старонках гісторыі, спыніцца на найбольш цікавых і адметных. За кожнай старажытнай таямніцай, тым ці іншым фактам – найцікавейшыя гісторыі!
Упершыню Мінск згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» у 1067 годзе. І дагэтуль вядуцца спрэчкі, дзе ж, на якім месцы ўсёж-такі ён пачынаўся. Асобныя радкі помніка летапісання даюць права гісторыкам сцвярджаць, што старажытны Мінск стаяў за 15 кіламетраў ад гістарычнага цэнтра. А горад Няміга (кажуць, гэта і ёсць першапачатковая назва Мінска) знаходзіўся на месцы аднайменнай станцыі метро.
Успамінаю сустрэчу з краязнаўцам, архівістам, гісторыкам культуры, вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Уладзімірам Дзянісавым. Ён аўтар шматлікіх гісторыка-архіўных даследаванняў. Увёў у навуковы ўжытак невядомыя крыніцы па гісторыі архітэктуры і культуры горада, удакладніў тапаграфію тэатральных будынкаў Мінска XIX стагоддзя. Шмат даследаванняў правёў і па вывучэнні гісторыі гарадской ратушы. Гэта орган самакіравання, а таксама будынак, дзе чынілася ўлада. У перыяд феадалізму з’яўленню ратуш у развітых гарадах папярэднічала прысваенне (альбо дарэнне) Магдэбурскага права, якое рэгламентавала гандлёвае, юрыдычнае, рамеснае жыццё горада. Так было і з Мінскам. Мяняліся часы, законы. Падчас царавання Мікалая I Мінскую ратушу знеслі.
«Вельмі здзівілася, што яе адрадзілі нядаўна, у 2002–2004 г.г., – дзеліцца з намі наша пастаянная слухачка, мінчанка Ірына. – Цікава было даведацца і пра тое, што пад яе дахам размяшчаецца Музей гісторыі горада Мінска. На шпілі адноўленага будынка – флюгер і герб. І гадзіннік, які вядомай мелодыяй кампазітара Ігара Лучанка адбівае кожную гадзіну». А яшчэ Ірыну моцна ўразіла тое, што за сваю гісторыю Мінск перажыў 18 буйных пажараў, але кожны раз яго адбудоўвалі працавітыя і дбайныя гараджане.
А вось яшчэ адзін цікавы факт. На будынку Галоўпаштамта, якраз над уваходам, ёсць гадзіннік, які паказвае самы дакладны час у Мінску, а таксама час у многіх сталіцах і гарадах планеты. Нездарма ж яго называюць «гадзіннікам свету». За ўсю гісторыю свайго існавання (будынак узведзены ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя) гэты гадзіннік ні разу не спыніўся!
Памятаю тыя гады, калі мінчане звярталіся і да нас, на радыё, з пытаннямі пра фантан «Хлопчык з лебедзем» у Аляксандраўскім скверы сталіцы. Асабліва пасля выпадку, калі ён быў пашкоджаны вандаламі. Аказваецца, гэта адзіная дарэвалюцыйная гарадская скульптура, якая ўцалела. Фантан пабудаваны ў 1874 годзе ў гонар запуску гарадскога водазабеспячэння. Яе аўтар нямецкі скульптар Тэадор Калідэ. Работа мела небывалы поспех і, як кажуць, «пайшла ў тыраж». Таму зараз у свеце налічваецца каля 200 копій «Хлопчыка з лебедзем» – у Берліне, Варшаве, Вроцлаве, Патсдаме і многіх іншых гарадах. Згадзіцеся, цікавая гісторыя! А пачыналася ўсё ў Мінску. Дарэчы, цяпер у нашай сталіцы больш за 100 фантанаў.
«Мы ганарымся нашым Батанічным садам. Ён займае трэцяе месца сярод падобных паркаў у Еўропе, саступаючы толькі Каралеўскаму батанічнаму саду ў Лондане і парку ў Мадрыдзе», – падзялілася з намі вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат біялагічных навук Наталля Луніна. На працягу 48 гадоў яна займаецца навуковымі даследаваннямі, многія з якіх знайшлі сваё адлюстраванне ў шматлікіх артыкулах, кнігах, калектыўных зборніках. Калекцыя раслін уключае больш чым 11 тысяч найменняў. Што тычыцца азелянення, дык Мінск называюць адным з самых «прыродных» гарадоў. Яго зялёнае покрыва налічвае звыш 900 тысяч дрэў! Ёсць такая лічба, хаця не ўяўляю, як гэта можна падлічыць?..
Перад эфірам я размаўляла з юнай мінчанкай Аляксандрай. На пытанне, за што яна любіць свой горад, адказала: «За тое, што тут многа вясёлых хлопчыкаў і дзяўчынак, з якімі можна гуляць і сябраваць!..». А самыя яе ўлюбёныя мястэчкі – парк з атракцыёнамі, Батанічная вуліца і Батанічны сад, а таксама помнік Якубу Коласу. А яшчэ мы гаварылі з ёй пра тое, што прыгажосць і гонар горада ствараюць людзі. Дарэчы, падчас святкавання Дня горада пройдзе цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года», «Лепшы па прафесіі» і «Мінскі майстар». Так многа хочацца сёння сказаць пра Мінск і тыя, як зазначыў паэт, «вянкі гісторыі» даўжынёй у 955 гадоў! Калі і вам захочацца дапоўніць – пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.