«Гэта больш, чым космас» – так Прэзідэнт Беларусі ацаніў вытворчасць, якая ў хуткім часе з'явіцца ў Пухавіцкім раёне. Размова пра Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю (БНБК). Тэма для нашай краіны новая, але вельмі перспектыўная. Да канца года тут плануецца запусціць некалькі аб'ектаў комплексу, будучай вясной – вытворчасць амінакіслот. А праз чатыры гады ў Мінскай вобласці пачнуць выпускаць прынцыпова новыя (і не толькі для нашай краіны) прадукты – у тым ліку вітаміны (С, В12 і іншыя). Важна, што гэтыя амаль касмічныя тэхналогіі – на ўласнай сыравіне: чаго-чаго, а збожжа ў Беларусі хапае.
Ёсць станоўчы сусветны вопыт. Так, у свой час у ЗША з'явіліся праблемы ў фермераў, якія вырошчвалі кукурузу. Іх канкурэнты з іншых краін прапаноўвалі нашмат меншую цану за гэтую сыравіну, таму прадаць яе было цяжка. Выйсцем і стала ўкараненне новай тэхналогіі – глыбокай перапрацоўкі збожжа. У выніку амерыканскія фермеры сталі прадаваць не проста сыравіну, а больш дарагія гатовыя прадукты, прычым самыя розныя – паліва, кармы, матэрыялы.
Тут трэба ўлічваць: далёка не для кожнай краіны вялікі ўраджай – гэта добра. Бывае так, што сабе хапае, а прадаць тое, што засталося, на экспарт праблематычна: лагістыка будзе даражэйшай за патэнцыйны даход. Сабраць і захоўваць – таксама дадатковыя расходы. Вось і атрымліваецца, што лішкі зерня могуць проста гніць на палях. У некаторых дзяржавах, бывае, аграрыі пагражаюць спаліць ураджай, каб такім чынам звярнуць увагу на свае праблемы.
Тут і прыходзяць на дапамогу тэхналогіі перапрацоўкі збожжа. У Еўропе, на Захадзе яны развіваюцца бурнымі тэмпамі. На атрыманую прадукцыю ёсць стабільны попыт у свеце. Рынак толькі некаторых амінакіслот, неабходных для жывёлы, складае мільярды долараў.
Глыбокая перапрацоўка зерня – гэта падзел яго на некалькі дробных складнікаў. А ўжо іх пасля можна выкарыстоўваць пры вытворчасці мноства самых розных прадуктаў. Гэта можа быць крухмал, глюкоза, этанол, біяэтанол, малочная і лімонная кіслата, вітаміны і іншае. Для атрымання таго ці іншага прадукту патрэбна ад дзвюх да шаснаццаці розных тэхналагічных апрацовак. Карацей, тэхналогіі – космас!
А ўвогуле біятэхналогіі вядомыя нам з глыбокай старажытнасці. Тады яны развіваліся эмпірычным шляхам, праз вопыт: калі людзі выпякалі хлеб, рабілі віно, займаліся сыраварствам, збіралі кармы на сілас. Гэта ўсё мікрабіялагічныя працэсы, за якімі ўважліва назіралі на працягу стагоддзяў. Пры раскопках старажытных паселішчаў у Месапатаміі, Егіпце, а таксама Грэцыі выяўленыя рэшткі вялікіх і малых пякарняў і бровараў. На тэрыторыі Старажытнай Грэцыі і Рымскай імперыі было актыўна развіта вінаробства і вытворчасць сыра. Рабілі таксама льняное валакно, гэты працэс праходзіў з удзелам мікраскапічных грыбоў і бактэрый.
Важны гістарычны этап – сярэдзіна 20-га стагоддзя, калі пачалі выпускаць антыбіётыкі, і, як следства, з'явіліся спецыяльныя прадпрыемствы, дзе з дапамогай мікраарганізмаў рабілі амінакіслоты, вітаміны і ферменты. Чарговы этап пачаўся ў канцы мінулага стагоддзя з развіццём геннай і клетачнай інжынерыі. Сучасныя біятэхналогіі прывабліваюць увагу інвестараў ва ўсім свеце. Не дзіўна, бо эксперты і аналітыкі прагназуюць: такія тэхналогіі могуць стаць адным з самых прыбытковых бізнесаў XXI стагоддзя.
Сярод цікавых напрамкаў зараз – работы па стварэнні новых біяпалімераў. Яны ў будучыні могуць замяніць усё яшчэ папулярныя пластмасы. Гэта цалкам адпавядае «зялёнаму» трэнду – біяпалімеры нетаксічныя і могуць раскладацца пасля ужывання, не забруджваць навакольнае асяроддзе. А, напрыклад, канструяванне генаў дасць магчымасць кіраваць жыццядзейнасцю не толькі раслін, але і жывёл, ствараць новыя арганізмы са змененымі ўласцівасцямі.
З дапамогай біятэхналогій сёння атрымліваюць новыя сродкі для дыягностыкі, вакцыны, лекі, прадукты. Біятэхналогіі дапамагаюць павялічваць ураджайнасць культур, што больш чым актуальна, калі насельніцтва планеты пастаянна расце, а ўраджайных земляў больш не становіцца. Карацей, біятэхналогіі ўсё больш актыўна ўваходзяць у наша звычайнае жыццё, паралельна спрыяюць эканамічнаму развіццю цэлых краін. Таму ёсць спадзяванне, што з'яўленне такіх вытворчасцей, як БНБК у Мінскай вобласці, – гэта для нашай краіны толькі першая ластаўка ва ўкараненні сучасных біятэхналогій. А ў будучым – чаму б і не паканкурыраваць з такім вядомым ужо брэндам, як «ІТ-краіна»?